Досвед жыцця жанчын занадта доўга ў гісторыі быў на перыферыі, абясцэньваўся, не ўключаўся ў якасці значнага ў даследаванні, не атрымліваў павагі і падтрымкі…
У той жа час на працягу 20 стагоддзя руйнаваліся і забываліся народныя традыцыі, у якіх жанчыны дзяліліся рэпрадуктыўным досведам, падтрымлівалі сувязі ў рамках пашыранай сям’і ці лакальнага супольнасці. Сувязі паміж жанчынамі і ўвага да жаночага досведу — гэта важна.
У 21 стагоддзі практыкі клопату і абмену досведам развіваюцца ў асноўным як камерцыйныя, прафесійныя праекты па законах прадпрымальніцтва, развіцця паслуг і прафесій. Гэта і ўсе курсы падрыхтоўкі да родаў, паслугі кансультантаў у рэпрадуктыўным досведзе, прадстаўнікоў дапамагаючых прафесій, медыцынскіх спецыялістаў і г.д. Дапамога ў цяжарнасці і родах даўно стала высока-тэхналагічнай, медыкалізаванай і як заўсёды і было — адпавядае каштоўнасцям грамадства. У адпаведнасці з пэўнымі сацыяльнымі працэсамі падвышаецца і планка ідэалаў мацярынства, ускладняюцца патрабаванні да жанчын. Пытанне не ў тым, як ім адпавядаць, а як іх бачыць, пераасэнсоўваць, рабіць выбар, павышаць свой асабісты ўплыў на сваё жыццё, паклапаціцца пра сябе, знізіць рызыкі шкоды.
І мы ўсё яшчэ з’яўляемся спадчынніцамі «грамадства разбураных структур» — у часы савецкага саюза жылі некалькі пакаленняў жанчын — нашых мам-бабулек-прабабуль.
“Гвалтоўная калектывізацыя і паскораная індустрыялізацыя выклікалі ў краіне вялізную міграцыйную актыўнасць і высокую ступень сацыяльнай мабільнасці. На нейкі час савецкае грамадства ператварылася ў гіганцкі «лагер качэўнікаў», стала «грамадствам зыбучых пяскоў». У вёсцы грамадскія структуры і традыцыйны ўклад былі поўнасцю знішчаны.”
У гэтых умовах жаночая доля не станавілася асабліва лягчэйшай, а ранейшыя сістэмы падтрымкі руйнаваліся. Пэўныя старыя праблемы паўставалі ў новым абліччы, з’яўляліся новыя.
З чым быў звязаны рэпрадуктыўны досвед да пачатку 20 стагоддзя?
З адсутнасцю магчымасці прымаць рашэнні без наяўнасці мер кантрацэпцыі, з аднаго боку? Так.
Але былі і пэўныя традыцыі ўвагі і клопату, звязаныя з рэпрадуктыўным досведам, з узаемадзеяннем і падтрымкай у невялікіх лакальных супольнасцях, сямейных групах… Варта ўзгадаць, не ідэалізуючы…
Ці можна нешта ўзяць адтуль?
Радзіны — быў складаным шматэтапным абрадам і традыцыяй, якая суправаджае вопыт жанчыны ў цяжарнасці, родах, пасляродавым перыядзе.
Радзінами называли і этап клопату за жанчынай яе павітухай/бабкай пасля родаў (прынесці ежы некалькі разоў на дзень, зладзіць баню, дапамагаць з немаўлём і інш.).
Але былі яшчэ і наведванні жанчын суседкамі і сваячкамі ў першыя некалькі дзѐн ці тыдняў пасля родаў. І паразмаўляць пра роды, выслухаць гісторыю нараджэння і паспачуваць, і пакарміць, і паклапаціцца… Такія наведванні называліся ў беларусаў «адведкi», «вотпыты», «провiдкi» ці ўласна «Радзiны».
У наведванні парадзіхі прымалі ўдзел замужнія жанчыны без запрашэння з боку маці нованароджанага. І ёй не трэба было рыхтавацца самой.
Наведвальніцы вельмі падрабязна цікавіліся ходам родаў, але практычна ніякай увагі не звярталі яшчэ на нованароджанага. Цяпер хутчэй увагу атрымлівае нованароджанае дзіця, а не маці з яе досведам і патрэбамі.
Наведвальніцы абавязкова прыносілі з сабой якую-небудзь ежу — гэты абрад распаўсюджаны на тэрыторыі ўсёй Усходняй Еўропы. Ні ў якім разе нельга было ісці з пустымі рукамі, нават самая бедная жанчына несла з сабой кавалак хлеба з соллю.
У некаторых месцах быў звычай, калі ежу, якую прыносілі наведвальніцы, забаранялася есці мужу парадзіхі, яе маглі есці толькі сама парадзіха, сѐстры і браты нованароджанага.
Прыходзілі жанчыны, каб падтрымаць парадзіху пасля родаў, выслухаць яе, даць параду, падзяліцца жаноцкім і мацярынскім вопытам.
У адведкі прыходзілі ўсе разам у адзін дзень або па адной-дзве на працягу тыдня — двух тыдняў і болей. Грамадская думка вясковай супольнасці асуджала жанчын, якія не наведвалі парадзіх, што ў свой час з аналагічнай мэтай прыходзілі да іх.
Нормы звычаёвага права прадугледжвалі і для парадзіхі пэўныя рытуалы: якая 6 здаровая яна ні была і чым бы ні займалася, заўважыўшы жанчыну, што ішла ў адведкі, кідала працу і клалася ў ложак.
Агульны характар мела перакананне, што наведванне парадзіхі станоўча магло паўплываць і на саміх жанчын, што прыходзілі ў адведкі, — «на тым свеце яны пападуць у рай».
У час наведвання ладзілася невялікае застолле для жанчын. Муж парадзіхі, калі ў сям’і не было іншых жанчын, павінен быў частаваць тых, хто прыйшоў наведаць яго жонку. (1)
Аб чым гэта ўсё?
Аб традыцыях клопату і падтрымкі, якія былі ў абрадах і звычаях Радзін. Аб звычаях, заснаваных на клопаце, увазе і прызнанні глыбокага вопыту, які перажыла жанчына.
Усё гэта губляецца ў тэхналагічных, часта безасабовых працэсах дапамогі пад час цяжарнасці і родаў, у недастатковасці сувязяў у нуклеарных сем’ях, у засяроджанасці на дзіцяці ці медыцынскім персанале…
Не ідэалізуючы цяжкага жаночага «традыцыйнага» досведу да пачатку-сярэдзіны 20 стагоддзі я хацела б, каб досвед Радзін быў пераасэнсаваны і выкарыстаны ці то як метафара, ці то як кропка адліку і пераемнасці, каб жаночы досвед у нараджэнні дзяцей атрымаў увагу, клопат, павагу і прызнанне. І досвед кожнай жанчыны паасобку і ўсіх разам.
Цяжарнасць і роды — глыбокі досвед, які застаецца з жанчынай на ўсё жыццё, уплывае на якасць жыцця ва ўсіх сферах, на наступствы для здароўя і дабрабыту.
«У любым грамадстве тое, як жанчына нараджае, і тое, які клопат і стаўленне атрымлівае яна і яе дзіця, як нішто іншае адлюстроўвае ключавыя каштоўнасці культуры.»
— Шэйла Кітцынгер, феміністка, пісьменніца, грамадская дзяячка.
Што занадта часта суправаджае жанчын ў цяжарнасці і родах:
— Недавер, што жанчына аўтар свайго жыцця і любога свайго досведу, недастатковасць выбару і падтрымкі
— Занадта мала жанчын маюць доступ да адэкватнай медыцынскай і акушэрскай дапамогі. Так, нават там, дзе такі «цудоўны ахоп радзільнымі дамамі і ўлікам па цяжарнасці»
— Сутыкненне з акушэрскім гвалтам і пратакольнымі ўмяшаннямі. Або запозненая ці грубая дапамога.
— Адсутнасць партнёраў і падтрымкі ў родах
— Стаўленне да жанчын як да інфантыльных, неадэкватных істот
— Мноства бессэнсоўных і шкодных рытуалаў, у тым ліку ў медустановах. таму што так даўно прынята
У жанчыны можа быць выбар:
- Атрымліваць адэкватную індывідуальным патрэбам падтрымку ў цяжарнасці
- Нараджаць у радзільным доме ці дома з акушэрскай падтрымкай
- Мець даступную дапамогу асабістай акушэркі, доўлы
- Разлічваць на падтрымку пасля родаў
Такі выбар павінен быць забяспечаны!
У першыя дні, тыдні, месяцы мацярынства жанчыне трэба шмат клопату, дапамогі, каб аднавіцца пасля перажытых падзей цяжарнасці і родаў.
І мацярынства, у адрозненне ад цяжарнасці і родаў — не ўніверсальны жаночы досвед. Ён не павінен падаць цяжарам на плечы жанчыны, адказнасць павінна быць размеркавана паміж блізкім асяроддзем жанчыны і дзіцяці, падтрымана грамадствам у цэлым. Бо грамадства зацікаўлена у аднаўленні нараджэннем дзяцей. Цяжарнасць, роды і мацярынства — гэта важная рэпрадуктыўная праца.
Мацярынства адбірае жыццёвыя рэсурсы і магчымасці жанчыны. Кошт мацярынства занадта вялікі і не павінен аплачвацца выключна жыццёвымі рэсурсамі жанчын…
Жанчына павінна быць ахілена
- адэкватнай прафесійнай і асабістай дапамогай і рэсурсамі ў рэпрадуктыўным досведзе,
- быць суб’ектам у гэтым досведзе,
- адказнасць у бацькоўстве павінна быць размеркавана.
Рашэнні на розных палітычных узроўнях адносна падтрымкі ў рэпрадуктыўным вопыце павінны быць забяспечаны дакладнымі гендэрнымі дадзенымі.
“Магчыма, калі-небудзь гісторыя чалавецтва будзе пісацца не як гісторыя палітычных рухаў, войн і рэвалюцый, а як гісторыя рэпрадукцыі. Такі аналіз перабудаваў бы ўсе тэарэтычныя катэгорыі, змяніў бы ўсе нормы…” (2)
Радзіны некалі былі комплексам традыцый і абрадаў падтрымкі жанчын пад час родаў і першы час апасля іншымі жанчынамі. Шукаем пераемнасці, развіцця і нармалізуем увагу да дабрабыту, праву выбару жанчын пад час родаў і ў мацярынстве.
Пра гэта і плануюцца праекты і ініцыятыва «Радзіны»…
(1) «Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец ХІХ—ХХ ст.» — Мінск, 1993 — Т. Кухаронак
(2) Женщины на краю Европы / Под. ред. Е. Гаповой. — Мн.: ЕГУ, 2003. — 436 с. ISBN 985-6723-12-4.