Ці здольны чалавек, які не мае медыцынскай адукацыі абмяркоўваць з лекарам «на роўных» інфармацыю аб сваім здароўі і прымаць рашэнне аб неабходнасці і сутнасці медыцынскага ўмяшальніцтва? Ці здольная цяжарная жанчына прымаць рашэнне адносна свайго цела і свайго дзіцяці? Хто прымае гэтыя рашэнні?
Якія магчымасці дае жанчыне права, каб рэалізаваць свае патрэбы? Якія магчымасці прадастаўляе прававы падыход пацыентам і лекарам?
Аўтар: Вераніка Заўялава
Першыя пытанні для мяне ўжо трывіяльныя. Галоўнае слова тут – адказнасць. Калі чалавек хоча і можа несці адказнасць за сябе, сваё здароўе, здароўе і жыццё свайго дзіцяці, ён здольны абмяркоўваць усе гэтыя пытанні і прымаць рашэнні.
У сітуацыі, калі чалавек хоча ўзяць гэтую адказнасць, ён задаецца пытаннем: «якія ў мяне тут правы і магчымасці, і як мне іх рэалізаваць».
Пытанне аб правах простыя, любы юрыст растлумачыць вам вашыя правы. Вы і самі зможаце іх адшукаць, асэнсаваць. На пытанне «як» адказ не такі просты. Ен залежыць ад узроўню развіцця прававой культуры, вашай крэатыўнасці і здольнасці вырашаць пытанні ўзаемадзеяння з людзьмі, пытанні адносін, матываў. Гэтае пытанне – пытанне ЯК, і юрыдычнае, і псіхалагічнае, і палітычнае.
Усё проста, калі тое, што вам прапануюць, супадае з вашымі патрэбамі.
А калі выбар не такі відавочны або ўзаемадзеяння не атрымліваецца, як абараніць свае правы?
— Па-першае, ведаць іх, асэнсоўваць свае патрэбы, праяўляць актыўнасць у іх агучванні, абароне, шукаць шляхі іх забеспячэння (шукаць матывы і супадзенне інтарэсаў — дамаўляцца; шукаць іншых людзей, каторыя маюць тое, што вам трэба і гатовы вам гэта даць; размаўляць з вышэйшай службовай асобай у мэтах уплыву на сітуацыю),
— Абараняцца ў выпадках прычынення шкоды, адмове ў забеспячэння права (скарга – да службовых асоб арганізацыі аховы здароўя, судовая абарона)
— Аб’ядноўвацца з іншымі ў мэтах уплыву на перамены (прыняцце новых неабходных законаў ці зменаў у іх, развіццё практыкі іх прымянення, паляпшэнне прававой культуры, этыкі — адукацыйныя мерапрыемствы, адкрытыя камунікацыі і інш.)
Аб’ядноўваюць усе тры спосабы словы – актыўнасць і свядомасць
Правы
Жанчына, звяртаючыся за атрыманнем медыцынскіх паслуг мае больш праў і мала абавязкаў. Лекары, дзякуючы таму, што яны знаходзяцца на працы, маюць больш абавязкаў, у т.л. абавязкі па забеспячэнню праў кліента.
Якія нарматыўныя акты кажуць нам пра нашыя правы ў сферы аховы здароўя?
— Канстытуцыя,
— Закон “Аб ахове здароўя”,
— Закон “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”
Я магу агучыць тут такія важныя правы:
— Права на жыццё і здароўе. Атрыманне медыцынскай дапамогі ў цяжарнасці і родах гарантавана законам.
— Выбар лекара і арганізацыі аховы здароўя.
— Права на гуманнае і паважлівае стаўленне да сябе.
— Права інфармаванай згоды ці адмовы ад медыцынскага умяшальніцтва – інфармацыя павінна давацца ў даступнай форме, павінны быць агучаны наступствы і рызыкі, перад умяшальніцтвам даецца згода пісьмова ці вусна (можна даць згоду, але потым адмовіцца, калі медыцынскае ўмяшальніцтва яшчэ не пачалося ці можна яго спыніць без рызыкі прычынення шкоды)
— Права на знаходжанне ва ўстановах аховы здароўя ва ўмовах, дазваляючых рэалізаваць права на бяспеку і абарону асабістай годнасці.
Гэта ўсё ёсць у Законе “Аб ахове здароўя”, у артыкуле 41 “Правы пацыентаў”.
У нас пакуль няма спецыяльнага нарматыўнага акту ў сферы дапамогі ў цяжарнасці і родах, а яго варта было б мець, улічваючы, што цяжарнасць і роды – фізіялагічныя працэсы, якія толькі ў пэўных выпадках патрабуюць медыцынскага ўмяшальніцтва.
Што мы маем у якасьці асновы для распрацоўкі такога нарматыўнага акту.
1. Рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па тэхналогіі дапамогі ў родах:
— Кожная жанчына можа выбраць любы тып абслугоўвання пры родах, якому яна аддае перавагу (магчыма любое становішча: стоячы, на каленях, седзячы на кукішках, у клініцы або дома, у вадзе або «у сухую»).
— Псіхалагічны дабрабыт маладой маці павінны забяспечвацца не толькі з дапамогай вольнага доступу сваякоў па яе выбару падчас родаў, але таксама і пры дапамозе свабоднага наведвання пасля родаў.
— усе бацькі і нованароджаныя маюць права на прамыя зносіны з моманту нараджэння. Не варта перашкаджаць сумесным зносінам маці і дзіцяці, працягласць якіх павінна вызначацца жаданнем маці;
2. Метадычнае пісьмо Міністэрства аховы здароўя Расіі №15-4/10/2-6796 ад 13 ліпеня 2011 г.
«Аб арганізацыі работы службы родадапамогі ва ўмовах укаранення сучасных перынатальных тэхналогій»:
— падтрымліваюцца сямейна-арыентаваныя (партнерскія) роды, прысутнасць бацькі дзіцяці на родах як законнага прадстаўніка павінна ажыццяўляцца без спагнання платы;
— рэкамендуецца ранні кантакт «скура-да-скуры» нованароджанага і маці … працягласць кантакту — ад 40 хвіл. да 2-х гадзін;
— у радзільным доме рэкамендуецца прадугледзець свабодны доступ членаў сям’і да жанчыны і дзіцяці;
Такім чынам нават Мінздраў Расіі у сферы прымянення сучасных перынатальных тэхналогій успрыняў міжнародныя нормы. Такія ж працэсы адбываюцца ва Ўкраіне. Польшча амаль 20 гадоў ажыццяўляе пастаянную дзейнасць, скіраваную на гуманізацыю родаў і ўжо мае гуманныя стандарты аказання паслуг у цяжарнасці і родах.
Што маем мы?
— Жанчына не мае магчымасьці выбіраць абставіны сваіх родаў. Нават у выпадку падпісання дагавора на платныя паслугі, жанчыне прапануюць дагавор далучэння, нібыта яна не мае права абмяркоўваць умовы гэтага дагавора.
— Бацьку дзіцяці дапускаюць у роды толькі ў якасьці платнай паслугі. І ніколі загадзя невядома ці атрымае ён туды доступ – няма гарантый ці будзе асобны пакой для родаў, ці не будзе карантына ці чаго іншага, што парушае яго правы як законнага прадстаўніка дзіцяці, каторае нараджаецца. Спагнанне платы і недапушчэнне ў роды парушае яго правы быць прадстаўніком свайго дзіцяці згодна з грамадзянскім, сямейным заканадаўствам.
— Радзільні сваімі лакальнымі нарматыўнымі актамі прадстаўляюць доступ у роды толькі маці, сястры ці мужу парадзіхі. Але гэтую асобу, каторая прысутнічае і дапамагае ў родах можна лічыць прадстаўніком жанчыны, а права выбара прадстаўніка належыць толькі ёй, згодна з грамадзянскім правам. І прадстаўніком можа быць хто заўгодна па яе выбару. Стан жанчыны ў родах можа патрабаваць знаходжання побач абранай ёй асобы, што будзе забяспечваць яе інтарэсы і правы, правы і інтарэсы дзіцяці, што нараджаецца.
Я прапаную жанчыне, каторая хоча забяспечыць свае інтарэсы ў родах:
— мець свабоду выбару позы ў родах, адмовы ад нейкіх медыцынскіх умяшальніцтв (амніатамія, ктг лежучы на спіне, абразанне пупавіны адразу пасля нараджэнне, паскарэнне 3-га перыяду родаў і інш.),
— адкласці ўзважванне ці адмовіцца ад нейкіх стандартных працэдур для дзіцяці, каб трымаць яго на руках адразу пасля нараджэння і мець магчымасць ранняга прыкладання да грудзі, права выбраць любога партнёра для дапамогі ў родах і абароне сваіх праў, — яшчэ ў цяжарнасці загадзя падаваць пісьмовую заяву аб гэтым, згодна з Законам «Аб зваротах грамадзян», Законам «Аб ахове здароўя», грамадзянскім заканадаўствам, міжнароднымі рэкамендацыямі аб сучасных тэхналогіях дапамогі ў родах. Гэты будзе такі «план родаў» па-беларуску.
Як адбываецца ўзаемадзеянне лекара і кліента, які звярнуўся да яго за аказаннем медыцынскіх паслуг?
Мы маем нізкі ўзровень прававой культуры – медыкі не ведаюць сваіх абавязкаў і праў жанчын. Яны спасылаюцца ў сваіх дзеянных і неабходнасці жанчыне падпарадкавацца іх патрабаванням, на пратаколы і інструкцыі Міністэрства аховы здароўя. Але гэтыя інструкцыі звяртаюцца да лекараў, а не да пацыентаў. Жанчыны часта не бяруць сваёй часткі адказнасці – ведаць і абараняць свае правы.
Мэтай ў сферы дапамогі ў родах у нас павінна быць – павага і негвалтоўны догляд. “Непавазе і гвалту да жнчыны ў родах трэба пакласці канец”, — прызнае сусветную праблему СААЗ.
Жанчына і медык – павінны супрацоўнічаць? Так. Але, калі няма згоды, прымае рашэнне жанчына, згодна са статусам аўтаноміі і незалежнасці асобы, каторы ёсць у міжнародных дакументах аб правах чалавека, раціфіцыраваных нашай краінай, і ў беларускіх нарматыўных актах.
Медыкі не гатовы цяпер забяспечваць правы жанчыны. Але не трэба адмаўляцца ад надзеі на перамены. Жанчынам давядзецца актыўна дзейнічаць у абарону сваіх праў, займацца прававой і псіхалагічнай асветай і заахвочваннем да лепшых гуманных практык.
Я маю права, вы мусіце яго забяспечыць, павінна казаць жанчына.
Але адна з лепшых функцый права – арыентыры і магчымасці:
— Магчымасць браць і дзяліць адказнасць:
Жанчына пад час цяжарнасці і родаў рыхтуюцца да сталага дарослага жыцця з неабходнасцю гадавання дзіцяці. Медыкі аказваюць дрэнную паслугу сваім гвалтоўным кантролем і падпарадкаваннем у гэты час. Жанчына – лепшы эксперт свайго цела, стану і патрэб свайго дзіцяці. Яна павінна асэнсаваць гэта і за гэта трымацца.
Лекары, аддаючы сваю частку адказнасці жанчыне, забяспечваючы яе права на інфармаваную згоду ці адказ, слухаючы жанчыну, маюць магчымасць застацца ў межах сваёй прафесійнай і чалавечай адказнасці.
— Магчымасць прафесійнага развіцця:
Камунікуючы з жанчынай, медыкі атрымліваюць зваротную сувязь, інфармацыю пра патрэбы жанчыны, адказ на свае прапановы. Менавіта камунікацыі – умова развіцця.
— Маюць магчымасць атрымання задавалнення ад працы (меньш страху і напружання) – яго можна атрымаць толькі пад час эфектыўнай камунікацыі
ІНАКШ:
— Адкуль ім ведаць, што яны выканалі сваю працу добра? (Што такое добры вынік для нашых акушэраў і гінеколагаў?)
— Што яны робяць, калі атрымалі кепскі вынік?
Медыкі не хочуць вучыцца камунікаваць з жанчынай? Мы бачым, напрыклад, што ў гэтым выпадку ім даводзіцца камунікаваць з праваахоўнымі органамі – следчымі, пракуратурай, судом.
Яны забіралі кантроль над усімі пытаннямі, нібыта жанчына і яе дзіця – аб’ект. Жанчына давярала і аддавала ўсю адказнасць. Потым атрымалі і аддалі ёй кепскі варыянт (смерць ці значную шкоду ў родах). Аддалі, таму што ёсць межы адказнасці, але межаў не адчувалася раней за атрыманне кепскага варыянту. І ім даводзіцца паводзіць сябе як злодзеі – падробліваць вынікі аналізаў, угаворваць забраць заявы і скаргі, ці нават пагражаць, маніпуліраваць і інш. А яны ж не злодзеі! Людзі. Проста людзі і прадстаўнікі гуманнай прафесіі.
Як толькі нашы медыкі зразумеюць і прымуць, што самае важнае ў іх прафесіі камунікацыі і адносіны – не стане страху і напружання, будзе больш лёгкасці і радасці.Такім чынам павышаецца прэстыж прафесіі і якасць паслуг.
Імкненне розных арганізацый паважаць права жанчыны ў родах – глабальны рух і ён імкліва развіваецца па ўсім свеце. Перамены адбываюцца ўвесь час. Але яшчэ больш працы павінна быць зроблена. Жанчыне трэба ведаць свае правы, мець магчымасці свядомага выбару і гэты выбар павінен асэнсоўвацца і падтрымлівацца дакатарамі і іншымі ўдзельнікамі, каторыя маюць магчымасць прыняцця рашэнняў.
Пытанне “Як жанчыне рэалізаваць свае правы”, як дамагчыся таго, каб сучасныя тэхналогіі дапамогі ў родах прыйшлі і ў нашу краіну, застаецца адкрытым. Адказы трэба шукаць кожны дзень, у індывідуальных стасунках, сваёй дзейнасці, шукаючы добры варыянт для сябе, прамаўляючы свае патрэбы і аб’ядноўваючыся ў гэтых пошуках з іншымі, для каго гэта важна, калі “Нам не ўсё роўна!”
Фотаздымак: Фатограф Джэйсан Ашкеназі: Голуб сядзіць на ложачку ў радзільні Азербайджана, 99-ты год.
Материнство и право — каталог ссылок.
Нормативные акты, ссылки, рекомендации, статьи о правах в беременности, родах, родительстве.